Браніслаў Тарашкевіч i яго "Граматыка для школ"
Автор: Alesya Mysova • Декабрь 2, 2022 • Реферат • 1,316 Слов (6 Страниц) • 476 Просмотры
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі «Мінскі дзяржаўны
лінгвістычны ўніверсітэт»
Факультэт раманскіх моў
Група 102/3
Мысава Алеся Алегаўна
БРАНІСЛАЎ ТАРАШКЕВІЧ І ЯГО “ГРАМАТЫКА ДЛЯ ШКОЛ”
Рэферат
Мінск, 2022
Імклівая плынь гісторыі ўсё далей і далей адносіць ад нас той узрушаны час, калі маладыя інтэлігенты-інтэлектуалы, у якіх абудзілася нацыянальная самасвядомасць, імкнуліся абудзіць іншых і хацелі на абломках Расійскай імперыі пабудаваць новую, вольную Беларусь. Яны аддана, шчыра, рупліва, настойліва працавалі на карысць сваёй Бацькаўшчыны, свайго народа і верылі ў тое, што “багаты слаўнай культурнай мінуўшчынай, поўны маладых творчых сіл беларускі народ у хуткім часе дасць славянству і ўсяму свету яркія доказы свайго ўваскрашэння і прынясе на раскошны алтар чалавечай цывілізацыі плён свайго нацыянальнага генія, лепшыя кветы свайго вызваленага духу” [1, с. 29].
На жаль, іх мары і спадзяванні не здзейсніліся: адны з тых рупліўцаў зніклі бясследна і пахаваныя ў невядомых мясцінах, другія, застаўшыся жывымі (іх значна менш), прайшлі праз пекла пакут і здзекаў, праз забыццё і незаслужанае шальмаванне, праз гвалтоўны разрыў з Радзімай і любімай працай. Але нягледзячы на трагічную незавершанасць сваіх задум, яны паспелі зрабіць вельмі шмат. Да гэтага пакалення належаў і Браніслаў Тарашкевіч, аўтар “Беларускай граматыкі для школ”, якая на доўгі час стала хартыяй нашай мовы. Нарадзіўся ён у сям’і беларускіх сялян Адама і Алены Тарашкевічаў непадалёку ад Вільні, у засценку Мацюлішкі. На Віленшчыне ў той час быў своеасаблівы шматмоўны мікраклімат, у якім “кожная нацыя адчувае сябе як дома, выхоўвае сваіх дзяцей паводле ўласных традыцый, на ўласнай мове, але і валодае іншай мовай” [4, с. 11]. Якраз у такім асяроддзі рос і фарміраваўся будучы геній нацыянальна-вызваленчага руху, мовазнаўца, перакладчык, палітык.
Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага універсітэта (1916), працаваў у ім дацэнтам грэчаскай i лацінскай моў. 3 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 г. выкладаў беларускую i грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, у 1920 г.—загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы так званай Сярэдняй Літвы, у 1921—22 г. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі i быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы[6, с. 558].
Браніслаў Тарашкевіч у параўнанні з іншымі беларускімі інтэлігентамі, якія снавалі думкі аб граматыцы, меў перавагу. У яго, акрамя адчування, глыбокага ведання народнай моўнай стыхіі, было добрае пазнанне асноўных еўрапейскіх моў, грунтоўная філалагічная падрыхтоўка[3, с. 14]. У 1922 г. выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. За абарону правоў беларускага насельніцтва i палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны i асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 г. з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі i ў лістападзе 1932 г. асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 г. быў абменены на савецкага палітвязня i жыў у Маскве, працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы i Прыбалтыкі. У маі 1937 г. арыштаваны i па беспадстаўным абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы 29 лістапада 1938 г. расстраляны[6, с. 558].
Беларускім мовазнаўствам Б. А. Тарашкевіч займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Яшчэ студэнтам 3-га курса Пецярбургскага ўніверсітэта ён апублікаваў у часопісе «Раніца» (1914, № 1) артыкул «Не пакідайце сваей мовы», у якім заклікаў суайчыннікаў шанаваць родную мову, таму што яна з'яўляецца душой народа, запісваць мясцовую лексіку i розныя віды вуснай народнай творчасці — казкі, легенды, песні, прыказкі, загадкі[6, с. 558]. У гэтым жа годзе да Б. Тарашкевіча з прапановай стварыць граматыку звярнуўся ад імя «Беларускага выдавецкага таварыства» Я. Купала. Да напісання граматыкі заахвочваў акадэмік А. А. Шахматаў. Ён жа і кіраваў працай[2, с. 168]. Думка напісаць гэту працу цалкам авалодвае свядомасцю маладога вучонага. Садзейнічаць таму, каб народ яго хутчэй і як мага важчэй сказаў сваё слова ў літаратурнай, публіцыстычнай, навуковай і ўсіх іншых галінах дзейнасці,— гэта яго святы абавязак. Тарашкевічу хацелася хутчэй даць падручнік, па якім падрастаючае пакаленне пазнае, ацэніць багацце і хараство роднай мовы, яе вялікія магчымасці. Ён марыў аб тым, каб хутчэй больш сыноў стала да працы на духоўнай ніве народа. Граматыка беларускай мовы патрэбна была, як паветра. Ужо другое стагоддзе, як, пераадольваючы праследаванні і забароны, развівалася новая беларуская літаратура. Некаторыя творы, хоць цярністым шляхам, усё ж траплялі ў друк, іншыя ж былі асуджаны на хаджэнне ў спісках, перадаваліся з рук у рукі на перапісаных лістках, ад сэрца да сэрца, з вуснаў у вусны. Літаратура гэта жыла як сведчанне духоўнай неўміручасці народа, як яго голас.
...