Эссе на книгу "Vixi" А. Адамовича
Автор: liubov94 • Январь 30, 2019 • Эссе • 2,191 Слов (9 Страниц) • 738 Просмотры
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Установа адукацыі
«Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»
Завочны факультэт
Кафедра рускай і сусветнай літаратуры
Эсэ на кнігу “Vixi” Aлecя Адaмoвiчa
Выканала:
магістрантка Стома Л.А.
Навуковы кіраўнік:
дацэнт кафедры рускай і
сусветнай літаратуры Бярозка А. Ф.
Гомель 2019
Напісаць эсэ – гэта зачарпнуць жменяй з вірлівай плыні быцця і нейкі момант глядзець, як быццё празрыстымі цуркамі сцякае паўз твае пальцы… [4]. На мой погляд, гэта значыць – нейкі час пажыць жыццём таго, пра каго ты пішаш.
А напісаць эсэ пра чалавека, з якім ты незнаёмы, які жыў у мінулым стагоддзі, справа не проста складаная, але і вельмі адказная. Па-першае, таму што эсэ патрабуе працы думкі, а па-другое, таму што патрэбна свядома ўнікнуць у жыццё-быццё і творчасць свайго героя.
Герой майго эсэ – пісьменнік-гуманіст, крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Алесь Адамовіч.
Ёсць людзі, імёны якіх, па вялікім рахунку, не патрабуюць тлумачэння таго, у чым іх заслугі, які ўплыў яны аказалі. Алесь Адамовіч адзін з такіх. Ён бачыў, адчуваў, пражываў самыя балючыя старонкі беларускай гісторыі настолькі глыбока і пранізліва, што станавіўся ўжо не проста літаратарам і публіцыстам, а тым, пра каго звычайна прынята казаць “сумленне нацыі”. Менавіта так казаў пра яго Васіль Быкаў: “Алесь Адамовіч увасабляе ў сабе генафонд нашай гаротнай і ўзнёслай нацыі” [6].
Пісьменнік увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як аўтар твораў пра вайну. У Адамовіча, як і ў Быкава, не было параднай ваеннай прозы. Ён шукаў словы, здольныя абудзіць людзей для актыўных дзеянняў, для ўпартага супраціўлення лёсу. Творы аўтара вельмі запамінальныя і кранальныя, напэўна, таму, што тое, аб чым ён піша, перажыта ім самім, яго роднымі, знаёмымі. І вайна ў яго прозе самая сапраўдная, бо пісьменнік падчас вайны быў у падполлі, у партызанскім атрадзе.
Тэма маёй творчай працы тычыцца кнігі А. Адамовіча з крыху нязвыклай назвай “Vixi”, што ў перакладзе азначае “Перажыта або Я жыў”. Кніга складаецца з трох апошніх аповесцей аўтара – “Венера, або Як я быў прыгоннікам”, “Нямко” і “Vixi” [2].
Перагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, адчула, што атрымала наймацнейшае эмацыйнае ўздзеянне. Асабліва ўразіла аповесць “Нямко”. Нават ноччу прысніўся страшны сон: я хаваюся ад немцаў у нейкім глыбокім пограбе, цягнучы за руку маладога юнака ў нямецкай форме…
Аповесць напісана ў 1992 і з'яўляецца незабыўнай памяткай мінулага. Здавалася б, вядомая карціна паўстае перад вачыма чытача: беларускую вёску захапілі карнікі, пасяліліся ў хатах, гаспадыні стараюцца ім дагаджаць, кормяць-пояць, ды і немцы вядуць сябе спакойна, па-чалавечы… У адной з сямей, дзе жывуць маці і яе юная дачка Паліна, таксама атабарыліся два немцы, адзін з якіх – малады салдат Франц. З першага дня паміж юнаком і дзяўчынаю прабягае іскра кахання: яны пераглядаюцца, перамаўляюцца (Франц разумее нашу мову), здагадваюцца, што падабаюцца адно аднаму. Але вайна ёсць вайна! Франц ведае, што аб'яўлена аперацыя па знішчэнню вёскі і яе жыхароў: у пэўны дзень і гадзіну ўсе адначасова павінны будуць забіць жыхароў свайго дома, падпаліць яго і пакінуць вёску.
...