Пражская культура
Автор: Алексей Черник • Сентябрь 21, 2022 • Доклад • 1,103 Слов (5 Страниц) • 194 Просмотры
Пражская культура
Упершыню раннеславянскія помнікі трэцяй чвэрці 1-гатысячагоддзя н. э. на тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы вылучыў у асобную культурна-храналагічную групу i ўвёў у навуковы абарот пад назваю «кераміка пражскага тыпу» чэшскі археолаг I. Баркоўскі. На тэрыторыі Усходняй Еўропы старажытнасці гэтага тыпу ідэнтыфікаваў i ўключыў у арэал пражскай культуры Ю.У. Кухарэнка (1955). Пазней высветлілася, што на тэрыторыі Палесся яны маюць пэўныя лакальныя асаблівасці, якія былі заўважаны пры вывучэнні паселішчаў каля в. Карчак ў Жытомірскай вобласці ва Украіне. Гэтыя паселішчы адкрытыя яшчэ ў канцы ХІХ ст. С.С. Гамчанка i даследаваліся ў 1960-х гадах I.П. Русанавай.
У другой палове XX ст. на тэрыторыі Усходняй i Цэнтральнай Еўропы археолагі Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Германіі, Румыніі, Балгарыі, Украіны, Беларусі, Расіі адкрылі звыш 600 помнікаў i месцазнаходжанняў пражскай культуры. Яны выяўлены на вялікай тэрыторыі ад Прыпяці на поўначы да Балканскага паўвострава на поўдні, ад Дняпра на ўсходзе да міжрэчча Эльбы i Заэле на захадзе. На паўночным усходзе пражская культура мяжуе з помнікамі калочынскай культуры, на паўднёвым усходзе — з пянькоўскай, на поўдні i паўднёвым захадзе — з фракійскім і раманскім насельніцтвам, на захадзе i поўначы — з германскімі і балцкімі народамі.
Мэтанакіраваныя даследаванні помнікаў пражскай культуры па ўсёй тэрыторыі ix распаўсюджання вядуцца з 1950-х гадоў. Многія аб'екты раскапаны цалкам або ў значнай ступені — Карчак-7 i 9, Гарадок, Зімна, Лука-Каветчынская, Бакота, Кадын-1, Рашкаў-3, Магіла, Шэлігі, Пржытлукі, Бжэзна, Дэсаў-Мозігкаў, Сэрата-Мантэору i інш. Матэрыялы шэрагу помнікаў сістэматызаваныя, абагульненыя i апублікаваныя ў вялікай колькасці манаграфій i артыкулаў. Дзякуючы гэтым даследаванням асветлены асноўныя пытанні пражскай культуры — яе тэрыторыя, храналагічныя рамкі, тыпы паселішчаў i могільнікаў, асаблівасці домабудаўніцтва i керамічнага комплексу, гаспадарчыя заняткі насельніцтва, характэрныя рысы сацыяльнай арганізацыі i духоўнай культуры. Аднак шмат якія праблемы, што тычацца фарміравання пражскіх старажытнасцей, ix лакальных i храналагічных асаблівасцей, дынамікі рассялення, узаемаадносін з сінхроннымі i папярэднімі культурамі, яшчэ не атрымалі канчатковага вырашэння i выклікаюць навуковыя дыскусіі i спрэчкі. Матэрыялы, выяўленыя i даследаваныя на тэрыторыі Беларусі, дапамагаюць стварэнню агульнай характарыстыкі пражскай культуры i садзейнічаюць высвятленню яе рэгіянальных асаблівасцей.
Першыя помнікі пражскай культуры адкрыты на Беларусі яшчэ ў першай палове XX ст. У 1927 г. на Тураўшчыне працавала краязнаўчая экспедыцыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта, сябры якой А.Д. Каваленя i С.С. Шутаў выявілі раннеславянскія матэрыялы на гарадзішчы каля в. Хільчыцы. У 1932 г. А.М. Ляўданскі і А.Д. Каваленя правялі раскопкі паселішча пражскай культуры ў г. Петрыкаве на левым беразе ракі Прыпяць. Бескурганны могільнік V—VI стст. каля в. Хорск на Гарыні ў 1937 г. даследаваў Р. Якімовіч. Аб выяўленых на могільніку матэрыялах захавалася невялікая папярэдняя інфармацыя, a пошукі новых пахаванняў ў раёне Хорска, якія ажыццявіў у 1950-я гады Ю.У. Кухарэнка, аказаліся безвыніковымі. У тым жа 1937 г. Р. Якімовіч наведаўся на хутар Гарадзішча каля в. Хотамель, дзе размешчана раннесярэдневяковае ўмацаванае паселішча, у 200 метрах ад якога сяляне пад час гаспадарчых прац знайшлі трупаспаленне ў урне пражскага тыпу.
У першыя пасляваенныя гады абследаванне археалагічных помнікаў на Заходнім Палессі праводзілі пінскі i брэсцкі краязнаўцы Б.В. Міралюбаў i M.I. Алексяюк. У 1951 г. археалагічныя працы на Палессі распачаў Палескі атрад Славянскай археалагічнай экспедыцыі Інстытута археалогіі АН СССР пад кіраўніцтвам Ю.У. Кухарэнкі, рэарганізаваны пазней у Валынскую экспедыцыю. Пад час працы зкспедыцыя абследавала шмат раннесярэдневяковых помнікаў i паклала пачатак мэтанакіраваным раскопкам пражскіх старажытнасцей. Вынікі працы экспедыцыі суміраваў Ю.У. Кухарэнка i апублікаваў ix у спецыяльнай манаграфіі «Средневековые памятники Полесья», куды былі ўключаны i звесткі аб выяўленых раней іншымі даследчыкамі помніках, ідэнтыфікаваных як пражскія. З 1957 па 1969 г. на Беларускім i Украінскім Палессі працаваў Драўлянскі археалагічны атрад Прыдняпроўскай археалагічнай экспедыцыі Інстытута археалогіі СССР пад кіраўніцтвам I.П. Русанавай. Былі часткова абследаваны берагі рэк Заходні Буг, Мухавец, Рыта, Лясная, прытокі Прыпяці Стыр, Гарынь, Піна, Ясельда, Убарць. У 1960-я гады некалькі помнікаў з керамікай пражскага тыпу ў міжрэччы Прыпяці i Сцвігі выявіў Л.Д. Побаль. У гэтыя ж гады аб знаходках раннеславянскай керамікі на помніках эпох каменя i бронзы паведаміў
У.Ф. Ісаенка. Пасля пэўнага зацішша ў 1970-я гады працэс накаплення матэрыялаў пражскай культуры пачынае пашырацца з 1980-х гадоў. Г.М. Залашка правёў раскопкі гарадзішча каля в. Харомск на левабярэжжы Гарыні, дзе выявіў кераміку пражскага тыпу. Селішчы з матэрыяламі пражскай культуры каля в. Кажан-Гарадок у Лунінецкім і Чэрнічы ў Жыткавіцкім раёнах даследаваў M.Ф. Гурын. Пад час раскопак неалітычнага паселішча Камень-6 на рацэ Бобрык у Пінскім раёне У.Ф. Ісаенка выявіў два жытлы з ляпной раннеславянскай керамікай. У 1987 г. А.А. Егарэйчанка даследаваў селішча Востраў на рацэ Стыр у Пінскім раёне, дзе знайшоў матэрыялы ранняга перыяду пражскай культуры. З канца 1980-х гадоў сістэматычныя пошукі і даследаванні раннеславянскіх помнікаў праводзіць Цэнтральнапалескі археалагічны атрад Інстытута гісторыі Акадэміі навук пад кіраўніцтвам В.С. Вяргей. Шляхам разведак абследаваны берагі рэк Лясная, Ясельда, Прыпяць, Гарынь, Убарць i зафіксавана каля 40 новых помнікаў i месцазнаходжанняў пражскай культуры, праведзены раскопкі на паселішчах каля вёсак Блювінічы ў Брэсцкім раёне, Струга-1 у Столінскім раёне, Снядзін-1 i Снядзін-2 ў Петрыкаўскім, Ліпляны ў Лельчыцкім раёнах.
...